Віртуальны Універсітэт - адукацыйная пляцоўка для людзей усіх пакаленняў, якія імкнуцца атрымліваць уменні важныя для сябе і для жыцця ў сучасным грамадстве

У мінулае сцежка праз сэрца праходзіць…” – такую назву мела прэзентацыя кнігі пра лясную вёску “Антанёва” пісьменніцы Альжбеты Кеды.

Менавіта пад такім псеўданімам піша свае творы спадарыня Ала Петрушкевіч, выкладчыца Універсітэта Залатога Веку, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, паэтка, празаік. Спатканне адбылося ў межах агульных мерапрыемстваў для слухачоў і выкладчыкаў УЗВ.
Як зазначала сама пісьменніца, у кнізе “гісторыі не проста згаданыя, не проста сабраныя, а прайшлі праз сэрца…”. Слухачы пачулі сардэчныя ўспаміны Альжбеты Кеды пра родную вёску Карэліцкага краю, чулае апісанне герояў кнігі – родных, продкаў аўтаркі.Між іншым, пісьменніца распавяла ўдзельнікам сустрэчы пра прадстаўнікоў роду Кедаў, з якога паходзіла яе матуля. Антанёва ж назвала “мамінай вёскай”. Таксама спадарыня Ала падзялілася кранальнай гісторыяй Косціка і Ганькі і распавяла “пра тых антанёўцаў, што былі сапраўднымі гуманістамі, і ў час вайны не стралялі”.На сустрэчы аўтарка дазволіла дакрануцца да часткі свайго сэрца. Пра штогадовае наведванне вёскі Антанёва Альжбета Кеда казала так: “Што я там шукаю? Іду па тым шляху, пра які вам сёння расказала. Шукаю сваю памяць. Для мяне свабода аказалася шляхам туды”.

Сваімі ўражаннямі аб творчасці спадарыні Алы падзяліўся яе Настаўнік, прафесар Аляксей Пяткевіч. Шаноўны госць зазначыў важнасць такой мастацкай літатаратуры, якая занатоўвае народную культуру, якой становіцца ўсё менш. “Калі вёска жывая, значыць жывая і гэтая народная культура. Непрыкметная: як людзі жывуць, чым жывуць, ходзяць па грыбы і па ягады, капаюць бульбу, збіраюцца на лавачках, успамінаюць сваіх унукаў, сустракаюць іх, калі яны прыязджаюць з горада і так далей, і так далей”. Пра герояў кнігі “Антанёва” прафесар казаў так: “Вымалёўваюцца людскія лёсы і людскія вобразы, персанажы – у кожным нешта такое, што нам блізка. А чым дасягаецца гэта? На першы погляд, гэтыя ўспаміны, аповеды вельмі просценькія. Але папрабуйце напісаць так, як у яе [Альжбеты Кеды] кнізе. Ніхто так не напіша. Яна валодае дзівосным талентам апавядаць. Не проста артыстычна, як са сцэны. Яна апавядае так, як прынята гаварыць там, у вёсцы. Гэта вельмі цяжка – знайсці “інтанацыю”. Гэта невымоўна. А яна вядзе гэты аповед так, нібыта сядзіць паміж намі і расказвае нешта тое, што ёй блізка і дорага, цікава і нам”.Прафесар Пяткевіч падкрэсліў, што не памятае, “каб так нехта пісаў”. Асаблівы “інтанацыйны лад” кніжкі “Антанёва” робіць яе чымсьці новым у літаратуры. “Гэта і ўспамін, гэта і малюнкі, разам з тым, – яны плывуць перад намі. Аўтарка то набліжаецца да сваіх герояў ушчыльную, то набліжаецца да нас, то адыходзіць, непрыкметна мяняе ракурсы, але мы гэтага не адчуваем. Інтанацыю трошкі мяняе, але аповед гэты ўсё цікавей і цікавей”. “Антанёва” прафесар назваў не проста ўспамінамі, а *“вобразам вёскі, духам яе, душой яе”.

Яшчэ адным госцем прэзентацыі, які выказаўся пра кнігу Альжбеты Кеды, быў прафесар Мікалай Даніловіч. Ён адзначыў, што сваiх герояў Ала Мікалаеўна апісала не ў біяграфічным плане, а ўзяла асобныя, важныя фрагменты жыцця чалавека. І так фрагмент за фрагментам, кадр за кадрам. Спадар Даніловіч адзначыў, што “гэта вельмі важна. У кожным такім кадры заключана нейкая мараль, якую адчуваеш, калі чытаеш, бярэш для сябе. Хочаш ці не хочаш – параўноўваеш. І сябе ачышчаеш. Хочацца быць лепшым. Гэта талент мастака, пісьменніка”. Таксама спадар Даніловіч звярнуў увагу на элемент, які трымае разам гэтыя “кадры”: “Усё кампаненты аб’ядноўвае вельмі важная якасць – любоў аутара. І да сваіх землякоў, і да сваёй хаты. Без гэтай любові не было б гэтай кнігі”.Таксама выступоўца адзначыў яе важнасць “і ў беларускай літаратуры, і ў гуманітарнай сферы. Значэнне практычнае для людзей, для нашчадкаў, хто выйшаў з гэтай мясцовасці, для пазнання свайго роду”.Звяртаючыся да аўтаркі “Антанёва”, госць сказаў: “Чалавек шчаслівы ад таго, ад каго ён нарадзіўся, з кім ажаніўся, і ў каго ён вучыўся. Ва ўсіх трох кампанентах вам пашанцавала”.

Па запрашэнні спадарыні Алы з чулымі песнямі на беларускай мове для сабраных выступіў дуэт мамы і дачкі – Ларысы і Альжбеты Даўгаполік.

Таксама сабраныя праслухалі дзве кампазіцыі гарадзенскага барда Алеся Закрэўскага. У аснове адной з іх верш Лейба Найдуса. Пераклад здзейсніла Ала Петрушкевіч.

Напрыканцы сустрэчы Уладзімір Рунге, сябра Рады УЗВ, падзякаваў шаноўнай пісьменніцы, адзначыўшы, што “шляхамі Алы Мікалаеўны зараз ужо многія пішуць”.Сваім уражаннем ад мерапрыемства падзялілася таксама Лілія Грыгарук, студэнтка УЗВ:“Я вельмі задаволеная, што трапіла на гэтую лекцыю, таму што мы шмат аб чым гаворым, але не падазраём, што побач з намі жывуць легенды. Ала Петрушкевіч – гэта жывая легенда нашага горада Гродна. Мала таго, што яна шмат напісала, шмат ведае, але яна яшчэ навучае студэнтаў, нашу моладзь. Яна для нас зрабіла сёння вялікі падарунак. Мы даведаліся аб вёсцы, якіх у нас вельмі шмат, але не аб кожнай вёсцы мы можам штосьці даведацца, калі нам хтосьці не данясе зразумелай мовай. І вельмі прыемна, што гэта ўсё гаворыцца на нашай, беларускай мове. Дзякуй ёй вялікі, что яна дакранулася да нас, што знаходзімся побач з ёй”.

Глядіце запіс лекцыі ніжэй:

0 0 галасы
Рэйтынг артыкула
Падпісацца
Апавясціць о
guest
0 Каментар
Межтекстовые Водгукі
Паглядзець усе каментары